Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Кароткая аглядная экскурсія

Кароткая аглядная экскурсія па літаратурным музеі

Сярод тых куточкаў, якія ў нашай школе варты ўвагі, асаблівае месца займае літаратурны музей “Пісьменнікі Салігоршчыны”. Ён быў адкрыты 23 лютага 1993 года ў былым класным пакоі. Пярэдняя сценка музея – гэта каляровы гіпсавы барэльеф, які адлюстроўвае старонкі гісторыі беларускага народа, а ў цэнтры яго – маладая дзяўчына, якая сімвалізуе сабою Беларусь. На сценах вы бачыце партрэты найбольш вядомых пісьменнікаў-землякоў, пра жыццёвы і творчы шлях якіх і расказвае экспазіцыя музея. Вядучую ролю ў экспазіцыі займаюць, безумоўна ж, кнігі. Таму на паліцах вітрын даволі поўна прадстаўлены празаічныя, паэтычныя і літаратурна-крытычныя творы пісьменнікаў Салігоршчыны, большасць з якіх маюць дароўныя надпісы аўтараў. Акрамя кніг, вельмі шырока экспануюцца ўнікальныя рукапісы твораў пісьменнікаў, мноства арыгінальных фотаздымкаў і дакументаў, пісьмы, паштоўкі, арыгіналы газет і часопісаў. Асаблівую каштоўнасць маюць рэчы асабістага карыстання: акуляры, чарнільныя і шарыкавыя ручкі, алоўкі, гадзіннікі, гальштукі, брытвенныя прыборы, кашуля, пласцінкі, шахматы, шашкі, даміно і іншыя. Цэлую шафу складаюць кнігі з асабістай бібліятэкі Анатоля Дзялендзіка, які перадаў некалькі соцень кніг у наш музей. Каля 60 сваіх кніг падарыў музею народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін, многія з іх маюць дароўны подпіс аўтара.

Экспазіцыя музея складаецца з сямі раздзелаў.

Першы раздзел пад назваю “Жыло, жыве і жыць застанецца тут маё сэрца” расказвае пра жыццёвы і творчы шлях аднаго са старэйшых беларускіх пісьменнікаў Максіма Лужаніна, які аддаў літаратуры 76 гадоў свайго жыцця, а першы верш напісаў у 1924 годзе, калі вучыўся ў Краснаслабодскай сямігодцы, якая і дала Алесю Каратаю пуцёўку ў жыццё. Паэзія і стала асноўнай творчай спадчынай М. Лужаніна, які пакінуў нам дзясяткі сваіх паэтычных зборнікаў, такіх, як “Святло Радзімы”, “Паразмаўляй са мной, зямля”, “Вярнуся ветрам”, “Росы на коласе”, “Лявоніха”, “Прага крыла” і іншыя. Паспяхова выступаў Лужанін і ў жанры прозы, выдаўшы кнігі “Трое”, “Дванаццаць вячорных вогнішчаў”, “Людзі, птушкі, прастор”, “Наўздагон за падвойнікам”, “Добры хлопец Дзік”, “Рэпартаж з рубцом на сэрцы”, “Сустрэчы” і іншыя. Яркі след пакінуў наш зямляк і ў беларускім кінематографе, калі ў 60-ыя гады мінулага стагоддзя быў галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”. Іменна тады былі зняты фільмы, якія ўвайшлі ў залаты фонд беларускага кіно. Гэта такія фільмы, як “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета”, “Праз могілкі”, “Горад майстроў”, “Іван Макаравіч”, “Я, Францыск Скарына”, “Сыны ідуць у бой”, “Паўлінка”.

Асобную старонку ў біяграфіі нашага зямляка займае яго знаёмства з Якубам Коласам, у выніку чаго з’явілася цікавая кніга “Колас расказвае пра сябе”, напісаная Лужаніным на аснове ўспамінаў народнага паэта Беларусі. Аб гэтым сведчыць і надпіс, зроблены Лужаніным на кнізе, падараванай музею: “Тут усё, што пачуў я ад нашага вялікага настаўніка”.

Раздзел пад назваю “Яго прызваннем стала літаратурная крытыка” знаёміць з літаратурна – крытычнай дзейнасцю таленавітага даследчыка беларускай літаратуры Рыгора Шкрабы. На стэндзе вы бачыце яго кнігі “Сіла слова”, “Характар. Стыль. Дэталь”, “Літаратура і мова”, “Энергія слова”, “Моваю вобразаў”. Таксама вы бачыце і рукапісныя старонкі яго артыкулаў, і падручнікі па беларускай савецкай літаратуры для 9 і 10 класаў, якія атрымалі першую прэмію на спецыяльным рэспубліканскім конкурсе ў 1972 г.

Раздзел “Жыццёвымі дарогамі пісьменніка” расказвае пра нялёгкі жыццёвы шлях таленавітага піcьменніка Аркадзя Чарнышэвіча, аўтара шэрагу твораў для дзяцей,  такіх, як “У адной сям’і”, “На сажалках”, “Зосін лужок”, “Марцін Когут”, “Складанец”. Тут жа ёсць і рукапісы яго апавяданняў і вершаў. Галоўны ж твор пісьменніка – гэта раман – хроніка “Засценак Малінаўка”, у якім адлюстраваны падзеі, што адбываліся на Старобіншчыне перад першай рускай рэвалюцыяй у 1903 – 1904 гадах.

Раздзел “Прапускаць жыццё праз прызму смешнага” прысвечаны вядомаму беларускаму драматургу Анатолю Дзялендзіку. На стэндах п’есы аўтара з дароўнымі подпісамі, яго асабістыя рэчы, фатаграфіі ваеннага часу, калі малы Толік быў ад’ютантам камандзіра патрызанскага злучэння Васіля Іванавіча Казлова, жыў з ім у адной зямлянцы. А. Дзялендзік з’яўляецца аўтарам сцэнарыя мастацкага фільма “Анастасія Слуцкая”, а таксама іншых кінафільмаў.

Раздзел “Яго натхнялі шахцёрскія каскі”  расказвае пра жыццё і літаратурную дзейнасць Аляксея Кулакоўскага, які шмат тэм для сваіх твораў знайшоў на роднай Салігоршчыне. На яго вачах рос і будаваўся горад беларускіх шахцёраў, і Кулакоўскі стаў яго летапісцам. У друку спачатку з’яўляюцца, “Салігорскія эцюды”, рукапісы якіх вы бачыце на стэндзе, потым нарысы “Зоркі салігорскія” і “Салігорцы”, пасля і аповесці “Тут я жыву” і “Расце мята пад акном”, нарэшце зборнік апавяданняў “Родныя шыроты”. За стварэнне своеасаблівага мастацкага летапісу горада Салігорска і яго працоўных калектываў А. Кулакоўскаму было прысвоена званне ганаровага шахцёра. У апошнія гады свайго жыцця Кулакоўскі быў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Раздзел “З прыродай зліўшыся душою” знаёміць з паэтычнай спадчынай Хведара Гурыновіча, пейзажная лірыка якога адкрывае прыгажосць родных краявідаў. І гэта адчуваеш, калі чытаеш яго зборнікі “Шматгалосая кветка”, “Вішня цвіце”, “Хлеб і соль”, “Што я ўнуку скажу?”, “Пабыць аднаму”, “Пад знакам Дзіяны”, “Запрашаю пад дождж”, “Лес на далоні”, “Пасадзім  па дрэўцу” і іншыя.

Раздзел “Даражэй за ўсё на свеце – дзеці” знаёміць з літаратурнай спадчынай вядомага дзіцячага паэта Лявона Шырына. Экспазіцыя, прысвечаная гэтаму пісьменніку, самая багатая па колькасці аўтарскіх рукапісаў, якіх налічваецца ў фондах некалькі соцень. Гэта рукапісы, якія ўвайшлі ў зборнікі “Мы дзеці шахцёраў”, “Песні ручая”, “Ясь, жалейка і вясна”, “Калі ветрык спачывае”. У апошнія гады жыцця Лявон Шырын працаваў пад стварэннем раённай кнігі народнай славы “Памяць”.  Гэтая праца дала магчымасць глыбока пазнаёміцца з гісторыяй Салігоршчыны, у выніку чаго з-пад пяра Шырына паявіліся нарысы “На берагах Случы”, “Пагост”, “Непакорная Случчына”, “Перамога”, “Пісьмы з вайны”, а таксама драмы “Логіка жыцця” і “Не астудзі сэрца”.