У гэтага чалавека шчаслівы лёс, бо шчасце паэта цесна звязана з лёсам народа, з лёсам зямлі, з лёсам людзей, якія жывуць на гэтай зямлі. А наш зямляк, таленавіты паэт і празаік Максім Лужанін без людзей, без Радзімы ніколі сябе не ўяўляў, а заўсёды крочыў з імі адной дарогай. Нездарма ў яго душы нарадзіліся такія шчырыя, прыгожыя паэтычныя радкі:
Нідзе не дзенуся з Беларусі,
Кім пажадае, тым і вярнуся, -
Жыло, жыве і жыць застанецца
Тут маё сэрца.
Максім Лужанін (сапраўднае прозвішча Аляксандр Амвросьевіч Каратай) нарадзіўся 2 лістапада 1909 года ў вёсцы Прусы. Алесю было чатыры гады, калі ён узяўся за кніжку, і быў гэта “Князь Сярэбраны” Аляксея Талстога. Потым была школа. Спачатку ў Прусах, потым у Слуцку, а заканчваў сямігодку ў Чырвонай Слабадзе, бо сюды ад Прусаў было бліжэй, як у Слуцк, танней каштавала кватэра, зручней было перадаць торбу з хлебам і салам на тыдзень. Вось як пісаў пра той час вучобы ў Чырвонаслабодскай школе М. Лужанін у адным са сваіх пісьмаў: “Цяпер у вас пабольшала кніг і падручнікаў, а ў нас быў толькі Смоліч і Гарэцкі – на ўсю школу, гэта прыслаў мой брат, які ўжо вучыўся ў Мінску. Настаўнік мовы і літаратуры прывёз са слуцкіх настаўніцкіх курсаў “Вянок” Багдановіча і “У палескай глушы” Я. Коласа”.
Пасля заканчэння Чырвонаслабодскай сямігодкі ў 1924 г. паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум. З 1925 г. пачаў друкавацца, уступіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, удзельнічаў у рабоце 1-га з’езда гэтай арганізацыі ў лістападзе 1925 г. На гэтым з’ездзе прысутнічаў і Я. Купала. А праз тры гады, у 1928 г., убачыў свет і першы паэтычны зборнік пад назваю “Крокі”. Паэту было тады 18 гадоў
У маладога паэта былі вялікія планы, якія, на жаль, былі раптоўна парушаны. 10 жніўня 1933 года ў дзверы кватэры, дзе жыў паэт з жонкаю, настойліва пастукалі супрацоўнікі НКУС, і ў гэтую ноч М. Лужанін быў арыштаваны, абвінавачаны ў нацдэмаўшчыне і асуджаны на два гады пазбаўлення волі. Рэабілітаваны паэт быў толькі ў 1956 г.
Хапіла яму і ваеннага ліхалецця. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у жніўні 1941 г., М. Лужанін быў накіраваны ў Падольскае пяхотнае вучылішча, пасля заканчэння якога ў 1942 г. быў адпраўлены ў Сталінград, дзе ішлі цяжкія баі. Тут пяхотны афіцэр Алесь Каратай зазнаў сапраўднае пекла. Пасля ён актыўна супрацоўнічаў у беларускіх выданнях, што выходзілі ў гады вайны ў Маскве – гэта газета “Савецкая Беларусь” і сатырычная газета-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”, дзе друкаваліся яго творы пад псеўданімам Алесь Даведка. Творы ваеннага часу потым склалі кнігу “Шырокае поле вайны”, якая выйшла ў свет у пераможным 1945 г. У экспазіцыі ёсць некалькі рукапісаў вершаў з гэтага зборніка.
У пасляваенны час талент пісьменніка разгарнуўся на поўную сілу. Ён працаваў у розных жанрах літаратуры – гэта і паэзія, і проза, і дакументалістыка, гумар і сатыра, публіцыстыка, мастацкі пераклад, кінадраматургія. Але найперш ён – паэт, які пакінуў нам у спадчыну дзясяткі сваіх паэтычных зборнікаў, такіх, як “Святло Радзімы”, “Паразмаўляй са мной, зямля”, “Вярнуся ветрам”, “Росы на коласе”, “Гэта было ў Беларусі”, “Лявоніха”, “Шумелі бярозы”, “Пачатак чалавека”, “Вокны дарогі”, “Прага крыла” і іншыя. Вядомы беларускі літаратурны крытык, таксама наш зямляк, Рыгор Шкраба пісаў: “Сустрэча з сапраўднай паэзіяй – заўсёды свята для чытача. Нямала такіх свят прынёс М. Лужанін за свой ужо немалы творчы шлях.” А працаваў ён у беларускай літаратуры ажно 76 гадоў. Апошні сшытак сваіх новых вершаў М. Лужанін напісаў, калі паэту было ўжо 92 гады. Паспяхова выступаў М. Лужанін і ў жанры прозы, у тым ліку і дзіцячай. Ён выдаў кнігі “Вачыма часу”, “ Дванаццаць вячорных вогнішчаў”, “Людзі, птушкі, прастор”, “Рэпартаж з рубцом на сэрцы”, “Сустрэчы”, “Наўздагон за падвойнікам”, “Добры хлопец Дзік”.
У 60-ыя гады М. Лужанін працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Спачатку быў членам сцэнарнай калегіі, а потым галоўным рэдактарам кінаструдыі. Менавіта ў гэты час кінастудыя выпусціла найбольшую колькасць мастацкіх фільмаў, якія склалі яе залаты фонд. Гэта такія фільмы, як “Альпійская балада”, “Трэцяя ракета”, “Праз могілкі”, “Горад майстроў”, “Анюціна дарога”, “Іван Макаравіч”, “Жыццё і ўзнясенне Юрыя Братчыка”, “Я, Францыск Скарына”, “Сыны ідуць у бой”, “Вясенняя казка”, “Першыя выпрабаванні”, “Паўлінка”. Мастацкі фільм “Першыя выпрабаванні” быў зняты па сцэнарыі, напісаным М. Лужаніным сумесна з Аркадзем Куляшовым па матывах рамана Якуба Коласа “На ростанях”. І некалькі фотакадраў з гэтага кінафільма перадаў у наш музей сам М. Лужанін. Кожны з гэтых фільмаў М. Лужаніну фактычна прыходзілася прабіваць у вышэйшых цэнзурных кругах, даказваючы неабходнасць выхаду гэтых фільмаў у той час, адстойваў цэласнасць фільмаў, даказваў вартнасць той ці іншай сцэны ў фільме. І ўсе гэтыя фільмы выйшлі ў шырокі пракат дзякуючы іменна настойлівасці М. Лужаніна.
Асобную старонку ў біяграфіі нашага земляка займае яго знаёмства з Я. Коласам. Пачынаючы з 1946 года М. Лужанін на працягу 10 год, да 1956 г., быў асабістым літаратурным сакратаром народнага паэта, і ўсе гэтыя гады меў магчымасць бачыць яго ў жыцці і ў працы, слухаць яго мудрую гаворку. І ўсе гэтыя гады вёў дзённік сваіх сустрэч і гутарак з народным песняром. З усіх гэтых запісаў і злажылася надзвычай арыгінальная дакументальна-біяграфічная кніга “Колас расказвае пра сябе”, якая з вялікай цікавасцю чытаецца і сёння, бо яна напісана са слоў самога Я. Коласа. Аб гэтым сведчыць і надпіс, які зрабіў М. Лужанін на кнізе, дорачы яе музею: “Тут усё, што пачуў я ад нашага вялікага настаўніка. Шануйце, вучыце яго!”
Шмат дзе пабываў М. Лужанін за сваё жыццё. Але заўсёды яго цягнуў да сябе самы дарагі, самы мілы куточак зямлі, які называецца Салігоршчынай, або, як называў яго сам пісьменнік, Случчына. Сюды, на малую радзіму, ён часта наведваўся,чэрпаючы на поўныя грудзі не толькі знаёмы з дзяцінства водар навакольных палёў, лугоў, сцежак, кветак, дрэў, але і новыя тэмы для сваіх твораў. Так, летам 1977 г. М. Лужанін у чарговы раз пабываў на Салігоршчыне. Спачатку завітаў у родную вёску, сустрэўся з вучнямі Прускай васьмігодкі і перадаў ім кнігі з уласнай бібліятэкі. У 1979 г. паэт зноў на Салігоршчыне. На гэты раз грамадскасць Салігорска арганізавала ў Палацы гарнякоў урачысты вечар, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння славутага земляка. Яму было прысвоена званне ганаровага шахцёра і ўручана шахцёрская каска. У 1983 г. пісьменнік зноў на Салігоршчыне, зноў пабываў у роднай вёсцы, а ў Салігорску выступіў перад чытачамі ў кнігарні.
Жыццё шчодра надарыла паэта багатай біяграфіяй, якая і стала асноўным зместам яго творчай спадчыны. Дзяржава высока ацаніла заслугі М. Лужаніна ў галіне беларускай літаратуры, узнагародзіўшы яго ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 2-й ступені, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Знак пашаны, а таксама медалямі.